міжземнае мора Атлантычнага ак., паміж Еўропай і М.Азіяй. На ПнУ Керчанскім прал. злучана з Азоўскім м., на ПдЗ пралівам Басфор — з Мармуровым м. і далей цераз праліў Дарданелы з Эгейскім і Міжземным морамі. Абмывае берагі Расіі, Украіны, Грузіі, Румыніі, Балгарыі і Турцыі. Пл. 422 тыс.км². Сярэдняя глыб. 1300 м, найб.глыб. 2210 м. Берагі парэзаны мала, на Пн адзіны буйны п-аў Крымскі. На З і ПнЗ берагі нізкія, на У і Пд да мора ўшчыльную падыходзяць горы Вял. і М. Каўказа і Пантыйскія горы. Паўд. бераг Крымскага п-ва гарысты. Найб. буйныя залівы каля паўн.-зах. берагоў: Каркініцкі, Каламіцкі, Дняпроўска-Бугскі, Днястроўскі, Варненскі, Бургаскі, каля паўднёвых — Сінопскі і Самсунскі. Астравоў мала, найб. значныя Беразань і Змяіны. Упадаюць буйныя рэкі: Дунай, Днестр, Паўд. Буг, Дняпро, Рыёні, Кызыл-Ірмак.
Рэльеф дна — катлавіна са стромкімі схіламі, акружаная вузкай паласой мацерыковай водмелі, якая расшыраецца ў паўн.-зах.ч. (глыб. 100—200 м). Клімат паўн.ч. ўмераны з адносна мяккай зімой і цёплым летам; паўд.ч. — субтрапічны з цёплай дажджлівай зімой і гарачым сухім летам. Зімой урываецца кантынент. палярнае паветра, што суправаджаецца ападкамі і халоднымі паўн. і паўн.-ўсх. вятрамі, асабліва моцнымі ў раёне г. Новарасійск, дзе іх наз.бара. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. ў цэнтр.ч. мора каля 8 °C, каля ўсх. берагоў 6 °C, каля паўн.-зах. — 3 °C, на ПдУ і Пд — 6—9 °C; у ліп. — 22—24 °C. Колькасць ападкаў на З і ПнЗ 300—500 мм. на У і ПдУ 1500—2500 мм, на Пд 750—800 мм за год. Восенню бываюць моцныя смерчы. Т-ра вады на паверхні ў адкрытым моры зімой 6—8 °C, на ПнЗ і на Пд ад Керчанскага праліва — да 0,5 °C. Летам т-ра вады 22—25 °C. Салёнасць вады каля 18 ‰, паблізу вусця рэк 3—9 ‰. Ільды ўтвараюцца зімой у залівах паўн.-зах. і паўн.-ўсх. частак. Прыліўныя ваганні ўзроўню не перавышаюць 10 см, сейшавыя — не больш за 60 см. На глыб. больш за 150 м у вадзе ёсць серавадарод, канцэнтрацыя якога каля дна дасягае 11—14 мл/л, таму на вял. глыбінях у моры жывых арганізмаў няма, акрамя анаэробных бактэрый. Цячэнні непастаянныя, залежаць ад вятроў. Пераважае агульны цыкланічны характар руху вады 2 кругаваротаў зах. і ўсх.ч. мора. Расл. і жывёльны свет прыстасаваны да паверхневага слоя вады. У Ч.м. да 160 відаў рыб, з якіх прамысл. значэнне маюць хамса, стаўрыда, скумбрыя, пеламіда, шпрот, асятровыя, кефалі і інш. Водзяцца звычайная калючая акула, або катран, дэльфіны, цюлень-манах.
Асн. порты: Адэса, Ільічоўск (Украіна), Новарасійск (Расія), Поці, Батумі (Грузія), Канстанца (Румынія), Варна, Бургас (Балгарыя), Трабзон, Сіноп (Турцыя). На ўзбярэжжы шматлікія курорты: Паўднёвага берага Крыма (Украіна), Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа (Расія, Грузія), Залатыя Пяскі і Сонечны Бераг (Балгарыя), Мамая (Румынія) і інш.